Рэвалюцыя і правакатары
Быў такі святар Георгій Гапон у годзе 1905. Многія, але галоўным чынам бальшавікі, абвінавачвалі яго ў правакатарстве. Ці быў ён такім, ці не, пытанне адкрытае. Так, ён спрабаваў адцягнуць працоўных ад рэвалюцыйнай актыўнасці з дапамогай абароны іх інтарэсаў праз "канструктыўны дыялог з уладай". Так, калі гэта не дапамагло, ён павёў людзей на мірны малітоўны ход да цара. Так, ён павёў гэтых людзей прама на салдат, у надзеі на Бога і хрысціянскую міласэрнасць улады.

Але тыранічная ўлада пазбаўлена разважнасці, і ёй чужая хрысціянская міласэрнасць. Яна ўмее размаўляць са сваімі падданымі толькі з пазіцыі сілы. Магчыма, калі б Гапон пра гэта ведаў, ён бы не стаў арганізоўваць маршы і, магчыма, стаў бы тэрарыстам.

Так, Гапон зрабіў шмат неабдуманых крокаў, верачы ў добрага цара і "сілу дыялогу", але вось чаго ён не рабіў, дык гэта не аддаваў загаду салдатам забіваць мірных дэманстрантаў! Гэта не ён адгаворваў Мікалая II праігнараваць патрабаванні рабочых і з'ехаць са сталіцы.

Дастаткова было цару проста пагаварыць з чалавекам, і можна было б пазбегнуць усіх драматычных падзей наступных гадоў. Але для самадзержца размовы з плебеямі горшыя за рэвалюцыю. У выніку дзеянні бакоў прывялі да першай рускай рэвалюцыі і паклалі пачатак гібелі самадзяржаўя.

Заўсёды і ўсюды рэвалюцыі нараджае не пятая калона, не інтрыгі знешніх ворагаў, а толькі прагная, хцівая, беспрынцыповая ўлада, што прамантачыла чужыя грошу, для якой тыя, хто ўнізе, - толькі рэсурс для раскошнага жыцця.

Абвінавачванні ў правакатарстве вельмі часта гучаць, да прыкладу, на адрас Мікалая Статкевіча, Аляксея Навальнага і іншых апазіцыйных палітыкаў Беларусі і Расіі. Я нічога не магу сказаць пра іх ролю ў канкрэтных палітычных падзеях, але магу сказаць толькі адно: правакатары былі і будуць заўсёды, пакуль існуе недэмакратычная ўлада. У рэшце рэшт, якая ж гэта тыранічная ўлада, калі яна не выкарыстоўвае правакатараў і правакацыі, бо гэта адзін з важных інструментаў барацьбы з грамадствам і супрацьдзеяння пераменаў і рэвалюцый.

Аднак таксама трэба памятаць і пра тое, што заўсёды былі і будуць людзі, якія не жадаюць мірыцца з самавольствам і злачынствамі ўлады. У 2010 годзе ў Беларусі і ў 2019 у Маскве людзі не выходзілі за Статкевіча (Саннікава, Някляева), Навальнага або Яшына, яны выходзілі за сябе, за свае правы, па закліку свайго сумлення і за сваю краіну. Яны выходзілі і будуць выходзіць незалежна ад наяўнасці правакатараў і правакацый.

І самае важнае як у 1905 годзе ў Пецярбургу, так і ў 2010 годзе ў Мінску, у 2019 годзе ў Маскве, гэта ўлада аддавала загад збіваць людзей. Гэта ўсё рабіла ўлада!

Трэба ўсведамляць, што зусім няважна, ці быў (ці ёсць) Статкевіч або Навальны часткай тайнай задумы ўладароў, цяперашнія беларуская і расійская ўлады будуць заўсёды і ўсюды рабіць аднолькава, незалежна ад месца і часу. Яны будуць загадваць збіваць, а калі спатрэбіцца, то і забіваць. І зусім неістотна, чым пратэстоўцы прыкрываюцца ад шабляў і дубінак – абразамі або канстытуцыяй, - тыраніі пляваць на лад і законы.

І ўсё ж жаданне грамадзян супраціўляцца цынізму і беззаконню ўлады перамагае любое самадзяржаўе і тыранію. Так гэта было ў 1917 і ў 1991 гадах. Надыходзіць такі момант, калі ні правакатары, ні казакі з нагайкамі, ні экіпіяваныя салдаты ўжо не ў стане выратаваць прагнілую сістэму і супрацьстаяць народнаму гневу.