Да супрацоўнікаў сілавых структур


Зварот

Я, Мікалай Аўтуховіч, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, стварыў свой бізнес, змагаўся з карупцыяй і быў адпраўлены за гэта ў турму на восем з паловай гадоў. Цяпер я звяртаюся да вас як да людзей, якія абавязаны абараняць інтарэсы народа і дзяржавы, а не бандыцкага рэжыму, які захапіў уладу ў Беларусі.

Цяперашні рэжым прывёў краіну да спусташэння эканомікі, збяднення народа і дэградацыі ўсіх сфер сацыяльнага жыцця ад адукацыі і аховы здароўя да пенсійнай сістэмы. Ужо не хапае сродкаў і на ўтрыманне велізарнай сістэмы сілавога блоку.

Вы, як юрысты і людзі са спецыяльнай адукацыяй, разумееце незаконнасць метадаў, якімі спадар Лукашэнка і яго хаўруснікі ўтрымліваюць уладу ў нашай краіне. І вы добра ведаеце, як у нас парушаюцца нацыянальнае заканадаўства і міжнародныя абавязкі, падпісаныя Рэспублікай Беларусь.

Вас часта змушаюць парушаць Закон, здзяйсняць службовыя злачынствы. Такое не аднойчы было і ў іншых краінах. Дастаткова згадаць досвед фашысцкай Германіі, а таксама знішчэнне насельніцтва сваёй краіны органамі НКУС. Вы ўсе цудоўна памятаеце, да чаго гэта прывяло. У вас ёсць магчымасць адмовіцца ад выканання заведама злачынных загадаў. Рана ці позна гэты выбар давядзецца зрабіць. У нас ёсць вялікі архіў, дакументуецца вялікая колькасць такіх выпадкаў, ёсць канкрэтныя прозвішчы і пасады. Не павялічвайце сваю віну.

За гады, праведзеныя ў няволі, я распрацаваў план па ўзнаўленні законнасці і справядлівасці ў краіне. За наступны час стварыў магчымасці для яго рэалізацыі. Арганізаваныя маёй камандай падзеі бліжэйшага часу будуць мець вырашальнае значэнне для Рэспублікі Беларусь.

Я прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншых дзяржаў, рызыкаваў уласным жыццём па волі звар'яцелых кіраўнікоў савецкай дзяржавы. Сёння я без пафасу магу сказаць, што гатовы змагацца да канца за ўзнаўленне справядлівасці, за нашу свабоду і за вызваленне маёй краіны ад незаконнага і злачыннага рэжыму.

Сілавікоў, якія будуць кінуты на маё затрыманне, папярэджваю, што гатовы абараняць сябе любымі даступнымі мне спосабамі. Заклікаю вас памятаць пра свой афіцэрскі гонар і абавязак, узгадаць пра тое, каму вы служыце. Вы павінны служыць толькі беларускаму НАРОДУ, і нікому больш!

Вас змушаюць абараняць незаконны рэжым, які заняволіў і запалохаў НАРОД да такой ступені, што людзі масава з'язджаюць з краіны, пазбаўляюць сябе жыцця ад безвыходнасці. А ненажэрная ўлада ўсімі спосабамі працягвае выкачваць з людзей грошы, сілы, час і само жыццё. Робіць іх дармаедамі, ізгоямі, злачынцамі.

Захавайце павагу да высокага звання афіцэра! Каб вамі не пагарджалі, не ўставайце на нашым шляху, не будзьце абаронцамі антынародных самазваных палітыканаў. Падумайце пра вашы сем'і і пра той свет, у якім будуць жыць вашы дзеці.

Мы не бандыты і не тэрарысты, мы беларусы – грамадзяне сваёй краіны. Мы пратэстуем супраць уседазволенасці цяперашняга незаконнага рэжыму. Мы зрабілі свой выбар дзеля перамогі законнасці і справядлівасці, дзеля дабрабыту незалежнай Беларусі. Зрабіце і вы свой: падтрымаць патрабаванні народа або проста не выконваць злачынныя загады будзе самым разумным і сумленным рашэннем.

Новай дэмакратычнай Беларусі будуць патрэбныя вашы гонар і годнасць, досвед і прафесіяналізм. Будзьце са сваім народам. Гэта назаўсёды застанецца і ў вашых біяграфіях, і ў нашай агульнай гісторыі.