УЛЬТЫМАТУМ

Грамадзянін Лукашэнка А. Р.!

25 гадоў вы незаконна ўтрымліваеце ўладу ў Беларусі. Вы завялі краіну ў эканамічны і палітычны тупік, пазбавілі людзей спадзявання на лепшую будучыню. Апірышчам вашай улады з'яўляюцца беззаконне, хлусня і страх. Вы сказілі і практычна знішчылі інстытуты дзяржаўнай улады, у тым ліку і інстытут выбараў, давялі да мяжы знікнення Рэспубліку Беларусь як суб'ект міжнароднага права. Вашы злачынныя дзеянні прывялі нашу краіну да страты эканамічнай незалежнасці і да рэальнай пагрозы страты незалежнасці палітычнай. «Пасланне» да народа і парламента 19.04.2019 г. у чарговы раз пацвердзіла, што з такой уладай у нас няма будучыні.

Пачынаючы з незаконнага захопу вамі, грамадзянін Лукашэнка, улады ў 1996 годзе, ніводныя прэзідэнцкія або парламенцкія выбары ў Беларусі, ніводны рэферэндум не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю. А гэта значыць, што краінай правіць не ўлада, а незаконны рэжым.

Немагчыма прыняць і дараваць тое, што адбывалася і адбываецца ў краіне. Дараваць – значыць пагадзіцца з беззаконнем і несправядлівасцю ў дачыненні да дзясяткаў тысяч беларусаў, з сотнямі і тысячамі сфальсіфікаваных крымінальных спраў, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх дзяцей. Каб выправіць гэту сітуацыю, трэба прыбраць дыктатарскі рэжым, які душыць нашу краіну, правесці дэмакратычныя рэформы, забяспечыць незалежнае расследаванне ўсіх спрэчных спраў.

Я прымаю цяжкае, але ўзважанае рашэнне ўзяць на сябе адказнасць за будучыя падзеі, планаваннем і падрыхтоўкай якіх я займаўся доўгія гады ў няволі і пасля вызвалення.

Я прад'яўляю гэтаму рэжыму УЛЬТЫМАТУМ ад свайго імя і ад імя каманды сваіх аднадумцаў, гатовых устаць побач са мной у барацьбе з беззаконнем. Упэўнены, што ўрэшце мае патрабаванні падтрымаюць мільёны зняважаных, прыніжаных, абрабаваных, несправядліва асуджаных беларусаў.

На дадзеным этапе я заклікаю неадкладна распачаць узнаўленне законнасці і справядлівасці ў краіне. Для гэтага патрабую:

- Публічна прызнаць сапраўдныя вынікі свайго 25-гадовага праўлення: збядненне насельніцтва, масавы адток моладзі з краіны, развал эканомікі, незаконнае павышэнне пенсійнага ўзросту, поўную дэградацыю дзяржаўнай ідэалогіі, паслядоўнае знішчэнне гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод грамадзян, разрастанне бюракратычнай сістэмы, разгул уседазволенасці «слуг закона», які прывёў да страты ўсялякага даверу да праваахоўных органаў, пракуратуры і судоў, разрастанне і ўкараненне карупцыі, пагрозу страты суверэнітэту ў выніку аднабокай замежнай палітыкі.

- Вярнуць у бюджэт краіны ўсе сродкі, якія па незаконных схемах выведзены з краіны або прысвоены «сямейным бізнесам».

- Вызваліць усіх палітычных зняволеных і вязняў сумлення, а таксама незаконна асуджаных дзяцей, распачаць крымінальны пераслед тых, хто фабрыкаваў гэтыя крымінальныя справы (спіс вязняў прыводзіцца ніжэй).

На працягу 30 дзён грамадзянін Лукашэнка павінен абвясціць пра сваю добраахвотную адстаўку згодна з артыкулам 87 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Я патрабую ад вас, грамадзянін Лукашэнка А. Р., мінімізаваць магчымыя хваляванні ў краіне ў працэсе вяртання да дзеяння народнай Канстытуцыі, справядлівых Законаў і незалежных судоў, не паглыбляць сваю віну далейшым ужываннем гвалту, а спрыяць мірнаму пераходу да цывілізаванага кіравання краінай.

Да заканчэння 30-дзённага тэрміну ультыматуму я не выстаўляю іншых патрабаванняў – доўгачаканыя палітычныя змяненні ў Беларусі непазбежна адбудуцца ў выніку запланаваных намі дзеянняў па ўзнаўленні законнасці ў краіне.

У выпадку, калі рэжым стане дзейнічаць ранейшымі гвалтоўнымі метадамі, пакідаю за сабой права раней чым у 30-дзённы тэрмін запусціць механізм узнаўлення справядлівасці.

Я – адзін з многіх грамадзян Беларусі, якога гэты рэжым незаконна пазбавіў уласнасці і свабоды. Я – той чалавек, які не прымірыўся з уседазволенасцю і злачынствамі ўлады. Я – той чалавек, які ставіць перад сабой мэты і дасягае іх. Мяне завуць Мікалай Аўтуховіч.



Спіс асоб, прызнаных грамадскасцю незаконна асуджанымі, вязнямі сумлення і палітычнымі зняволенымі: Данат Скакун і Глеб Гіжынскі, Святаслаў Барановіч, Алесь Юркойць, Дзмітрый Паліенка, Ілья Валовік, Тарас Аватараў, Вадзім Бойка, Дзмітрый Цехановіч, Міхаіл Жамчужны, Генадзь Фядыніч, Ігар Комлік.